ХО́ЙНІЦКІ ЗА́МАК Існаваў у 17—18 ст. у г. Хойнікі Гомельскай вобл. Пабудаваны ў 1-й пал. 17 ст. кн. Вішнявецкімі. Пазней перайшоў да кн. Прозараў, з 1698 уладанне пана Слушкі, у якога ў 1721 замак выкупіў біскуп Юзаф Парышэвіч. Займаў невял. пясчаную дзюну ў забалочанай пойме р. Квеся. Выцягнутая з Пн на Пд авальная пляцоўка замка (35 × 25 м) была абкружана запоўненым вадой ровам, які з боку мястэчка меў шыр. 28—30 м, з інш. бакоў — 10—18 м. Акрамя таго, быў ахаваны вял. поймай. На земляным вале стаялі драўляныя абарончыя сцены-гародні, мелася і ўязная вежа з варотамі. Сувязь з горадам ажыццяўлялася па дамбе і драўляным мосце. Паводле інвентара за 1721, Х.з. быў абкружаны парканам, меў 2-павярховую ўязную вежу, зрубленую з брусоў і накрытую дранкай. Першы паверх вежы займалі ўязны праезд з варотамі і 2 памяшканні, адведзеныя пад турму, на 2-м паверсе зала са шклянымі вокнамі ў драўляных рамах. На ўзроўні 2-га паверха ўкругавую ішоў балкон. На падворку замка размяшчаліся гасп. пабудовы. Х.з. спыніў існаванне ў 18 ст.

М.​А.​Ткачоў.

т. 17, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)